Аднавяскоўцы пра літаратуразнаўцу і грамадскага дзеяча Янку Шутовіча

Калісьці ў Шутавічах быў цагельны завод. Сяляне самі здабывалі гліну і самі выраблялі цэглу. Дзе-нідзе цагляныя пабудовы яшчэ сустракаюцца ў вёсцы – мясцовыя называюць іх мурамі. У адным з такіх муроў жыў Янка Шутовіч.

Цяпер Шутавічы – аграгарадок, але з атрыманнем новага статусу асаблівага росквіту не прыдбаў. Працы няма, клуб зачынены, па бруку, вымашчаным за польскім часам, сноўдаецца ад хаты да крамы “бамонд” – так кажуць мясцовыя. Мясцовых – мала, усё больш – прыезжых.

З  карэнных – Міхаіл Вікенцьевіч Юшкевіч, які штотыдзень разам з жонкай наведвае бацькоўскую хату. Абодва – кандыдаты навук, выкладаюць у медыцынскім ўніверсітэце, а ў выходныя даязджаюць цягніком да Беласельскага і скандынаўскай хадой кіруюць у бок Шутавічаў.

– У нас яго звалі Янук. Тут былі і Ясі, і Янкі, і Янукі. Іванаў толькі не было. Янука я помню, ён прыязджаў у Шутавічы, я яшчэ пацаном бегаў. Надта лагодны чалавек, з дзецьмі любіў павошкацца. Ён быў адным з кіраўнікоў беларускага падполля ў Вільні. Іх судзілі, ён сядзеў у Барозе-Картускай пры Польшчы. Потом прыйшлі бальшавікі – ізноў асудзілі.

Мяне вельмі здзіўляла, што ён жыў у Вільні і гаварыў па-беларуску. Цяпер у мяне другое разуменне, а тады мне, вясковаму, было дзіўна – у горадзе жыве і па-беларуску гавора.

Адукаваны быў чалавек. Пры Польшчы тут было некалькі школак, людзі не былі цёмныя. І талерантнасць тая, пра якую кажуць адносна беларусаў, у нас была. Мая жонка з Брэсцкай вобласці – ў іх на могілках праваслаўныя – асобна, каталікі – асобна. Тут усіх разам хаваюць. Жаніліся – ніхто не глядзеў, з якіх ты. Маці расказвала пра спаборніцтвы паміж беларускімі і польскімі групоўкамі. Ставілі канцэрты ў будынку старой школы. Польскія – беларускія, беларускія – польскія – хто каго пераплюне.

Хата Леаніда Іванавіча Жабінскага стаіць насупраць дома Шутовічаў. Дзядзьку Янука ён памятае з маленства – той сябраваў з ягоным бацькам.

– Раней каля рэчкі яны жылі, невялічкая халупка стаяла, цяпер няма яе. Патом ужо пастроілі гэты мур. Яго брат тут жыў, Вінцук, – генералам яго называлі, а чаму – не знаю. Генерал – і ўсё. Янук толькі па-беларуску гаварыў. Беларус самы настаяшчы.

Бацьку пісьмы ўсё пісаў. Адно помню, краснымі чарніламі: “Еш чырвоныя буракі, каб склерозу не было”.

І фатаграфіі былі – во тут у кветках сталялі – ён, Вінцук, мае бацькі. Але пааддавалі ўсё – мусі, у музей ці куды. У Янука дзяцей не было, толькі плямяннікі – Вінцуковы хлапцы – Ігналь і Юлюк. После яго смерці паехалі з імі ў Вільню – кварціру нехта ўжо займаў. Божа мой, чаго толькі ў гэнай кварціры не было! Кніг! А пласцінак!.. Кучамі. Нейкія вешчы вывезлі да родственнікаў пад Вільнусам. Астальное ці выкінулі, ці хто забраў – не знаю.

Ядвізе Міхайлаўне Шульжыцкай – 90 год. Яна – найстарэйшая ў Шутавічах і адзіная, хто можа дэталёва ўзгадаць сям’ю Шутовічаў:

– Яны ў муры жылі, а пярэдняя дзеравянная хата дастроена. Тут быў кірпічны завод у канцы вёскі. Там і гліну бралі, кажны сам сабе хазяін быў. А тады прышлі саветы, зрабілі ўжо кірпіч гасударственны. Тут іх тры браты і пяць сясцёр было. Янук, Войцех, Вінцук, Вэрця, Анця, Аміля, Лёнька і Малгося. Бацька іхны быў інвалід, хадзіў з лясачкай. Дык Малгося, меншая, усё надта плакала, баялася гэту палку. Янук з Войцехам былі выехаўшы ў Вільнус і сёстраў усіх пазабіралі. Амілька балела, прязджала сюды і цэлае лета ў той хаце старой каля рэчкі жыла. Тады ў іх яшчэ адзін ксёндз быў у радні, Віктар, недзе за Мінскам ці пад Мінскам.

Янка прыязджаў, усё канфеты нам даваў, дзецям. Добры быў чалавек. Фатаграфіраваў нас – у Буткевіча на лаўке сядзім. Мы ўсё смяяліся, што гаварыў “вельмі”, “хутка”. А тут – “скора”, “надта”.

Усе былі ў Вільнусе, толькі Вінцук тут. Ён быў с ума тронуўся, ночай пашоў да мамінай сястры – ў канцы вёскі хата – за ноч алтар там у сараі зрабіў, нацягаў усяго, каб маліцца. Потым неяк сеў на поезд і паехаў. І вот яго ў Вільнусе вылечылі. Прыехаў і после жаніўся, два сыны ў яго былі. Юлюк, як падрос, – яго ў Вільню забралі. У 48-50-м недзе Юлюк стаў дастраіваць гэты мур, Вінцук яшчэ жыў. Як сталі строіць гэту хату – дык каб і Януку навярху комнату зрабіць, каб там атдыхаў. Так яны і не дарабілі. Жонка першая за Янука памярла, а после ён. А плямяннік усё разбазарыў. Кнігаў было – всё павыбрасываў, кнігі па вуліцы валяліся ў Вільнусе, гаварылі. У Юлюка і Ігната было па адным сыне. З роду астаўся толька сын Юлюка, Руслан. Неяк прыязджаў, гадоў з пяць, казаў, што мае жонку з Віцебска.

Праз дзве хаты жыве таксама Ядвіга Шульжыцкая, толькі па бацьку – Вікенцьеўна. Яна –  пляменніца Янкі Шутовіча.

– Мая фамілія пярвей была Шутовіч. Янука памятаю, да нас усё прыходзіў – мы тады жылі пад Кунавай – вусаценькі такі. Гэта татаў дваюрадны брат. Надта яны з татам дружылі. Мой брат быў у яго ў семінарыі ў Вільнусе, а што гэта за семінарыя – мусі, як цяпер інсцітут? Але брат не давучыўся – кінуў. Стаў кавалерам – і ўсё, нахалера яму тая вучоба? Нас чатырох было – браты і я з сястрой. Тата хацеў добры пасаг, дык усё зямлю купляў – 12 гектараў зямлі было. Ну і што после? Пасадзілі яго. Далі 8 гадоў з канфіскацыяй імушчаства, сядзеў у Вілейцы і там памёр. І брат татаў родны памёр у цюрме. Дасталося нам.

– А што вы ведаеце пра Янку Шутовіча?

– Мне ж дадзена карта пра іх – пра Янука і пра Віктара, як яны жылі, дзе памярлі. Дакумент, што мы радня.

Што яны рабілі? Тварылі Беларусь. Але каб жа ж усе за Беларусь былі. А то гэтыя – за рускіх, гэтыя – за Беларусь. Тата ўсё казаў яму: “Што ты робіш? Нікуды не лезь”.

Каб брат мой быў жывы, дык добра расказаў бы. Памёр у Вільнусе. А другі ў Польшчы. Сталі чапіцца, каб у партызаны ішоў. Прыходзілі да таты: “Напаі, бо як не напоіш, то мы твайго дзезярціра дабудзем”. А ён скрываўся. Пайшоў у польскую армію – тады бралі ў польскую і ў рускую. Патом выехаў. А я тут асталася.

З Ігналём мы добра дружылі, ён не так даўно і памёр. Нікога няма ўжо. Наследнікі не па Януку пайшлі. Непатрэбна гэта Янукова дабро ім было.

Цяперашні гаспадар дома – смаргонскі прадпрымальнік Станіслаў Міцько. 10 год таму ён набыў хату за 4 000$ у Іллі (Юлюка) – пляменніка Янкі Шутовіча.

– Ілья інцярэсны быў, як расказываюць. У Вільнусе таксаваў. Вышку хацеў пастроіць, каб прыгаць з парашутам.

Хата дасталася Станіславу з голымі сценамі, але багатай на гісторыі. Мясцовыя кажуць, напрыклад, што ў ваенны час сям’я Шутовічаў жыла ў склепе пад мурам, бо ў самой хаце знаходзіўся шпіталь. Ці што на вясковых танцах у шутовічаўскай хаце забілі чалавека.

Нічога з прыкметных артэфактаў, як сведчыць Станіслаў, тут не было. Смецце. Пазней, разграбаючы яго, ён знайшоў фотаздымак Янкі Купалы з подпісам “У падарунак Янку Шутовічу”.

– Даў былой жонцы – яна ў бібліятэцы рабіла – аддала некаму. Я быў злы, як вядзьмак.

І вось праз гады – яшчэ адна знаходка. Карціны Пятра Сергіевіча, якія знайшліся падчас вандроўкі Паўла Севярынца і Аляксея Туровіча па знакавых для БХД мясцінах.

Фота са старонкі Facebook Паўла Севярынца

Сімвалічна, что сталася гэта ў дзень народзінаў самаго Шутовіча. Спачатку карціны ляжалі на гарышчы. Некалькі гадоў таму Станіслаў забраў іх адтуль і павесіў у хаце, дзе яны і трапіліся на вочы менчукам. Падчас той паездкі нават абмяркоўвалася ідэя аб стварэнні тут музея.

Як прызнаецца Станіслаў, пра Шутовіча даведаўся ад аднавяскоўцаў, калі купіў хату. А пра Сергіевіча – калі вызначылася аўтарства знойдзеных карцін.

– Ці ведаеце, хто на гэтых патрэтах?

– Адзін партрэт точна Янкі Шутовіча.

– Чаму вы так упэўнены?

– Лёнька [сусед] сказаў.

Фота са старонкі Facebook Паўла Севярынца

З вызначэннем дагэтуль не ўсё проста. Калі аб першым партрэце можна амаль дакладна сказать, што аўтар – Пётра Сергіевіч, а малады чалавек на выяве – Янка Шутовіч, то другі выклікаў шмат версій. Найбольш аргументаваная – у навукоўца Арсеня Ліса, які мяркуе, што гэта работа Чэслава Знамяроўскага, вядомага літоўскага мастака. Але хто на выяве – дакладна сказаць нельга. Магчыма, гэта аўтапартрэт творцы.

Карціны больш не знаходзяцца ў хаце Шутовічаў.

– Прапалі, – хітравата ўсміхаецца Станіслаў. – Няма іх тут.

– Што збіраецеся рабіць з імі?

– Не рашыў яшчэ.

– Прадасцё?

– Не знаю. Пакуль ніхто мне нічога не прапаноўваў.

– А што з рэстаўрацыяй?

– А што з рэстаўрацыяй? Спачатку сказалі, што бясплатна, потым – што возьмуць на баланс. Гэта што значыць? Падарыць ім?

– А музей?

– А грошы?

Станіслаў упэўнены, што інтарэс да тэмы – часовы. Кажа, што стаміўся ад увагі, шкадуе, што падзея атрымала розгалас. І спадзяецца на спакой:

– Гэта цяпер кругаверць такая. Але пагавораць і забудуць. Кіпіш сціхне – і ўсё на гэтым.

P.S. Пакуль рыхтаваўся матэрыял, стала вядома, што карцінамі зацікавіўся Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і пачаў перамовы аб набыцці з іх уладальнікам.