На краудфандынгавай платформе “Талака” аб’яўлены збор сродкаў на сёлетнія раскопкі. Каб заахвоціць чытачоў падтрымаць добрую справу, адкажам на некалькі пытанняў, датычных фонда.

Што такое фонд “Крэўскі замак”?

Гэта група людзей, апантаных беларускай гісторыяй і спадчынай. З 2004 года яны займаюцца захаваннем і даследваннем Крэўскага замка.

Што было зроблена?

– Праведзена больш за 20 валанцёрскіх летнікаў і экспедыцыяў у Крэве.

– Выратаваны ад разбурэння і закансерваваны будынак былой Міквы.

– Праведзены фестываль “Крэўскі кірмаш-2011”.

– На падставе матэрыялаў Фонда:

  • выдадзены шэраг кніг: “На “Панскіх” могілках Плябані, “Невядомы Ракаў. Могілкі пад базыльянскім крыжам”, “Пазіцыі германскіх дывізій у Беларусі: Сектар Вішнева-Крэва”;
  • выкананая 3D-мадэль Крэўскага замка.

– Праводзіліся раскопкі на Княскай вежы, Крэўскім гарадзішчы, Юравай гары, Татарскай гары, Мікольскай гары з рэшткамі Мікольскай царквы.

Сярод каштоўных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак, – развал печкі 13 ст. са слядамі ахвярапрынашэння, фрагменты вітража, люстры, канструкцыяў Мікольскай царквы, пахаванне аднаго з апекуноў прыходу св.Міколы, падмуркі назіральнай вежы пры замку, гліняны славянскі посуд 13 ст., фрагмент сірыйскага шклянога посуду 13 ст., фрагмент амфары, матрыца для адліўкі срэбных упрыгожанняў у выглядзе лілеі, краменны скрабок перыяду Неаліту, брактэат 13 ст., г.зв.  “аднабаковая” манета, – дарэчы, надзвычай рэдкі артэфакт у нумізматыцы.

Аб чым кажуць артэфакты?

Аб тым, напрыклад, што Крэва ў 13 ст. было буйным рамесным цэнтрам, што грала важную ролю ў міжнародным гандлі і – што крэўскае гарадзішча нашмат старэйшае, чым меркавалася раней. Замест датавання 16-17 ст.ст. цяпер можна з дакладнасцю казаць аб 10-13 ст.ст. Таксама на лакальным прыкладзе Крэва можна рабіць высновы пра этнічны склад падчас фармавання летапіснай Літвы. Балцкая ці славянская? Адказаць на гэта і іншыя, датычныя спасціжэння спадчыны Усходняй Літвы, пытанні дапамогуць далейшыя даследванні.

Для чаго патрэбны грошы?

– На выдаткі для Нацыянальнай акадэміі навук. Фонд выступае замоўцам палуг і аплочвае іх.

– На інвентар для раскопак.

– На выданне альманаха “Kreva Incognita”, прысвечанага спадчыне Крэва.

Сума невялікая – 5 000 рублёў. Гэта адна з прыступак да мары. Амбіцыі фонда сягаюць да стварэння гісторыка-культурнага запаведніка, які аб’яднаў бы ўсе гісторыка-культурныя ландшафты Крэўскага краю. Кожны можа спрычыніцца да гэтага па спасылцы.