Я на Куцьцю перш-наперш выглядвала ікру ад селядцоў на вузкіх селядцовых талерках з залатым абадком па краі. А з салодкага, якога на гэтую сьвяточную вячэру няшмат рыхтавалі, абаранкі ў макава-цукровай заліўцы. Пад канец вячэры яны зусім распухнуць, мак нацягне салодкай вадой. І я прасіла ў бабулі даесьці, што там заставалася на кухні са сьвяточнага ад макава-абараначнай куцьці. А бывала, так шмат рабілі, што і на наступны дзень заставалася. Нічога смачнейшага няма, чым халодная, учорашняя зь сенцаў, макава-абараначная куцьця.
А Рэгіна Баляславаўна кажа, што яны жылі на хутары і замест крамных абаранкаў пяклі «сьліжыкі»:
— Мама пірагі пячэ і цеста нямножка астаўляе. Патом маленькія клёцачкі дзецям качаць давала. Пяклі іх, поcьле ў мак цёрты. Яно там разбракне. Вкусна. «Сьліжыкі» зваліся гэныя клёцачкі. Яшчэ на Куцьцю шалуху таўкачом абівалі зь ячменя ў ступе. Не так яно чыста было, але нічэво, елі. Ніхто ад гэтага не памёр. Грыбныя блюда дзелалі. І катлеты з грыбоў, і разныя там падлівы. Дзелалі, як пельмені вялікія, калдуны. Для іх сушоныя грыбы пасекчы нада было меленька-меленька, такі сякачык быў і дзеравянная начовачка, дзе сячы. Патом туда луку. Калдуны посным маслам запраўлялі. Масла было са льна. Самі лён сеялі. І адзін чалавек у дзярэўні меў машынку такую, каторая выціскала масла з гэтага семя. Масла у нас многа было. Свой мак расьцілі. Цяпер дык выдумалі нейкія наркоцікі. А ў нас мак рос у гародзе. Пільнавалі, каб ён не перасьпеў, ня высыпаўся. Торбы маку сабіралі. Гэты мак цёрлі качалкай на Куцьцю. Такая пасудзіна была — цёрніца, шэршавая ўнутры, спэцыяльна для мака. І дабаўлялася сахарына таблетачкамі маленькімі, бо сахару не было. За час, за два да вячэры залівалі кіпятком гэты мак з сахарынай, туды «сьліжыкі» ці абаранкі крышылі, ужо калі абаранкі зноў сталі паяўляцца, бо посьле вайны іх не было некаторае врэмя. Гэтыя абаранкі з макам было глаўнае блюда на стале.
Рэгіна Баляславаўна — мама добрай знаёмай, якая даўно жыве не ў Смаргоні. А тут прыехала знаёмая на Каляды дамоў. П’ём гарбату, глядзім фатаздымкі. Карысьць ад праглядваньня старых фатакартачак бясспрэчная. Соты раз упэўніваюся і ўсё роўна зьдзіўляюся, калі гартаньне здымкаў выводзіць размову ў патрэбным накірунку. А накірунак такі: Куцьця. Самае дзіўнае зімовае сьвята ў дзяцінстве мне падавалася. Посны стол. Пад накрухмаленым да кардоннага стану даматканым абрусам — сена, бо Пан Езус радзіўся на сене, і гэта памяць, што нарадзіўся ў стаенцы, так казала бабуля, я помню. Аплаткі белыя, тонкія як прамакаткі, са сцэнкай Віфлеемскай. З аплаткаў пачыналася сьвяточная вячэра. Некалькі разоў з Польшчы аплаткі прывозілі каляровыя: ружовыя, салатныя. Іх трэба мачаць, перш чым зьесьці, у грыбную поліўку. Аплатка разьмякае, робіцца празрыстай, зусім не чуваць у роце. Дзіўная ежа. І абавязковыя 12 страў, паводле ліку апосталаў, трэба кожнай хаця б пакаштаваць. Тады ня будуць есьці камары летам, казалі дарослыя. Але аб усім па парадку.
Вось зацікавіў адзін здымак, у белых хусьцінках і халатах нахіліліся дзяўчаты над сталамі, рэжуць нажамі быццам стужкі патронаў.
— Рэгіна Баляславаўна, а гэта што на здымку вы робіце? Гэта ж вы?
— Я, у цукерачным цэхе. Арцель «Красный пищевик». Але на цукеркі мяне перавялі пасьля абаранкаў, — Рэгіна Баляславаўна мае цёмна-карыя вочы, і вочы гэтыя мала таго, што прыгожыя, яны добрыя і разумныя. Мне шкада, што турбую пажылога добрага чалавека пытаньнямі і адрываю ад дачкі. Але бачу адначасова, што суразмоўца з радасьцю адказвае. І супакойваюся.
Рэгіна Баляславаўна Пастарнак у кандытарскім цэху. Арцель “Красный пищевик”. 60-я.
— А дзе быў ваш цэх?
— Дзе Дом правіцельства цяпер, напроціў касьцёла. Немножка бліжэй да дарогі, пры самай вуліцы было.
— Там акрамя цукерак што яшчэ выраблялі?
— Быў пашывачны цэх, фуфайкі шылі. І значыць, была абараначная, патом яна стала кандзіцерскім цэхам. Два чалавекі ў сапожнай масьцярской рабілі. Што яшчэ? Жэсьцяны цэх быў. Выраблялі там нейкія бляшанкі. І ліманады ў падвале дзелалі. Гэта посьле вайны арганізавалі арцель і распусьцілі, можа, у 1960-м. Я, калі прыйшла, абаранкі пякла. Абваранкі правільна будзе. Бо абварвалі іх.
— Раскажыце, як гатавалі абаранкі.
— Ну што, замешывалі цеста. Немножка дражджэй дабаўлялі. Падчынялі дражджамі. Тады падыйдзе цеста. Мясілі ўручную. Патом гэта цеста раскачывалі на жгуты. І круцілі абаранкі. Зашчыплівалі.
— То бок рукамі ўсё рабілі?
— Поўнасьцю ўсё ўручную. Патом немножка адварывалі іх, мінут 5. І патом такая лапата, як стол, бальшая. На гэту лапату складвалі. Патом у печ.
— Доўга пяклі?
— Сматра, як была печ напалена.
— Яны смачныя былі, абваранкі тыя?
— Смачныя, не такія, як цяпер, саўсем. Болей мяккія. Сахару пачці не дабаўлялі мы ў само цеста. Дачарна сахар абпальвалі, а патом далівалі ў ваду, як варылі. Гэта штоб яны блесьцелі. Патом рабілі вязанкі. Мы самі нанізвалі на шнуры па мэтра два.
— Колькі абаранкі каштавалі?
— Адзін кілаграм можа 56 капеяк, есьлі я не ашыбаюся. А можа 52.
Добрая знаёмая іранічна дадае:
— От ужо розьніца 4 капейкі. Ці не ўсё роўна.
Мама вокамгненна адбіваецца:
— Тады і капейкі былі грошы!
Я працягваю ўедліва выпытваць дэталі вытворчасьці абаранкаў.
— А ў вас была нейкая норма?
— Была. Выдаваў заведуюшчы муку на сьмену. І нада ж было, каб і выхад быў. А нада было яшчэ і дахаты прынесьці. Усе бралі, усе зналі, но эта негласна. Ніхто нікому не казаў, ніхто нікому не паказваў.
— Вас многа працавала на абаранках?
— У сьмене чатыры жанчыны было і тры сьмены па 8 часоў. З 8-і да 4-х дня, з 4-х да 12-і ночы і з 12-і да 8-і раніцы. Цяжка было ў ноч, канешна. Спаць хацелася. Але днём было хужэ, таму што лабарантка была, начальнік быў. Яны там хадзілі, дык ужо ня так свабодна. А ноччу ніхто табе не мешае.
— Вы абаранкі фасавалі ў скрынкі, ці ў што?
— У мяшкі з грубай пенькі тканыя. На месьце склад быў, пры цэхе. На раніцы прыходзіў заведуючшы, і яму здаёш мяшкі з абаранкамі. Ён тады на склад гэта ўсё. Склад быў пры самой арцелі.
— А былі ў вас узнагароды за працу?
— Да-да! Былі! Была грамата і 10 рублей прэміі. Я чатыры года там работала на абаранках.
Я парываюся запытацца, ці чула Рэгіна Баляславаўна, што Смаргонь — радзіма абаранкаў, і пяклі іх яшчэ ў сярэднявеччы для выпускнікоў Смаргонскай мядзьведжай акадэміі. Мішкі па кірмашах танцавалі, грошы для павадыра зараблялі, абаранкамі мішкаў частавалі, а пасьля самі павадыры рассмакавалі. Па-мойму, у «Рэгіянальнай газэце» пра гэта пісалі.
Пякарня сям’і Альхімовічаў. Зьлева направа: маці – Алена Альхімовіч, дочкі Яўгенія, Валянціна, Ірына. 30-я гады.
І тут знаёмая напамінае маці пра самае галоўнае, дзеля чаго, як высьветлілася і прыйшла я ў госьці; пра мішкаў напомніць не пасьпяваю:
— А вы ж яшчэ макавыя абаранкі рабілі на Куцьцю.
— Пяклі. Але і так можна было купіць і зьесьці, — рэзонна адказвае Рэгіна Баляславаўна.
— Бачыш, як было, — сяброўка задаволеная, што зь ёй амаль пагадзіліся, — афіцыйна Каляды не адзначалі, а абаранкі рабілі з макам.
— З макам, з макам, — пацьвярджае Рэгіна Баляславаўна, — яны даражэйшыя былі. Па 80 с чэм-та капеяк.
— Іх менавіта толькі на Куцьцю пяклі? — хачу стоадсоткава ўпэўніцца ўсё ж.
— Ніхто не ўпамінаў, што гэта для Куцьці, но бальшынство ў гэта врэмя макавыя пяклі, патаму шта людзі купяць на Куцьцю. А зрабі срэдзі лета, дык можа іх ніхто і не купя. Бо даражэйшыя.
— Добра куплялі макавыя абаранкі?
— Канешна! Іх мала очэнь было, разьбіралі мамэнтам. Очэрэдзь стаяла перад сьвятам. Нічога ж не было. Ні таго батона ў Смаргонях не купіць. Хлеб нейкі там пяклі ацесьлівы, прывязуць такі фургончык.
— Які хлеб?
— Ацесьлівы. Гэта слова такое ў абіходзе народнае. Яно не ліцературнае. Азначае недапечаны.
Кірмаш у Вільні. Продаж смаргонскіх абаранкаў на сьвятога Казіміра. Даваенны здымак.
Мама расказвала неяк пра тое, як бабуля хлеба напякла і Кіта Антукова, сабака Антука-суседа, падгалая сучка, цягнула гэты бохан амаль паўкіляграмовы зь іхнага двара. Хлеб на лаўцы астываў пад абрусом, 6 ці 7 боханаў, Кіта абнюхала хлеб і пацягнула да сябе на прызбу. Ад Кіты на вёсцы пачалі пра лайдакоў казаць: «ляжыць, як Кіта на прызьбе». Я гісторыю памятаю. Але дэталі, слоўцы маміны. І няёмка пытацца. Без таго ўжо «дапрасіла» яе пра Куцьцю шмат больш, чым напісала тут. Шукаю, «гартаю» дыктафонныя запісы, дзе пра хлеб казала мама ў сувязі з Кітай Антуковай. Самы час перад Калядамі запісы ўпарадкаваць. Хаця б запісы.
Вясковыя сані. Смаргонскі раён, Войстам. Канец 40-х.
Вось доўгія размовы зь цёткамі ў асобнай папцы. Уключаю па чарзе. Вось яны пяюць «Wśród nocnej ciszy». Калядную самую вядомую песьню каталіцкую. Літаральна днямі чула гэтую калядку. Калі вырашыла даўняга знаёмага наведаць. Дзядулю Ўладзіслава Іванавіча. Гадоў 15 назад хадзіла да яго ў якасьці журналіста мясцовай газэты. Тады было лета. На лавачцы павітай вінаградам дзядуля граў на самаробнай скрыпачцы мэлёдыю «Зялёны дубочак». Дзядулі ўжо тады было за 80. Але нехта мне казаў нядаўна, Ніна казала, дальняя радня, на адной вуліцы зь дзядулем жыве, што ён не памёр яшчэ. Гэта ж колькі яму цяпер? Я падумала, вось бы пра тое, як гралі на Калядкі, расказаў. Ён і сам пэўна граў.
Хата адразу за капліцай. Туды-сюды пахадзіла ўздоўж плоту, папаліла. Зайшла. Насустрач жонка дзядулева. Я па ўзросьце зразумела, што жонка. І не пусьціла да мужа. У сенцах сказала, што ён гавора ня тое, сваіх не пазнае, 98-ы яму пайшоў ад верасьня. Ня сёньня дык заўтра памрэ. Нічога ня хоча есьці. «Зусім слабы зрабіўся, зусім ня сплю ля яго апошні час», — сказала жонка дзядулі ў халодных сенцах з пустымі кошыкамі. Я кажу: «Перадайце яму апэльсін, калі ласка, і ў мяне да вас просьба. Адкажыце на пару пытаньняў пра тое, як адзначалі Каляды раней. Разумею, што зара вам не да сьвятаў. Але можа, калі пагаворым пра іх, дык стане крыху весялей». Жонка Ўладзіслава Іванавіча-скрыпача, было бачна па ўсім, добрая душа, і пагадзілася:
— Сама я з-пад Крэва. З вёскі Гаравыя.
— А як вас зваць?
Я калі даўней была тут, дык не знаёмілася зь ёй, ня бачыліся мы раней. Яна не выходзіла тады.
— Ядвіга Матвееўна. Будзько па мужу. А дзевіч’я — Дудовіч.
— Скажыце, а ці была ў вас елка ў дзяцінстве?
— Гэта ж яшчэ да Польшчы было, як я была малая. Мне зара 88, я з 1928-га года. Дык мала помню. Но, канешна, елку ставілі. А как жа. Ігрушкі свае рабілі, з бумагі выразалі, дзе пападалася цьвятную бумагу стараліся купляць. Зь Вільнюса бывала прывозілі на базар у Крэва. Бывае на базары ўвідзіш, дык і купіш на сьвята.
— А што на стале было на Куцьцю?
— Заўсёды цяжка жылі, нічога такога не было. Але яшчэ, як за Польшчай, то так, куплялі. Папа там паедзе з мамай на базар. Тут прададуць зярна і накупляюць на Куцьцю сялёдкі, рыбкі, абаранак. Ну, ўсяго!
— А рыбка якая была?
— Рыбка была очэнь вкусная! Цяпер такой мусі няма. Капчоная разная. І маленькая, і бальшая. Людзі прыяжджалі, спэкулявалі. Многа вкуснага на сьвяты завшэ прывозілі. Найболей зь Вільнюса. Яшчэ на Куцьцю была каша пэрловая. Кісель аўсяны, несладкі. Квасілі яго і тады посьле саладзілі, сахарам пасыпалі. Аладкі ўсягды былі. Цяпер бывае сьпячэш, не ядуць ніхто. Гэта бальшы празьнік быў. Ночай ехалі ў касьцёл. Называлася Пастэрка служба ў тую ноч, як Бог радзіўся ў эта врэмя. З 24 на 25 сьнежня ў 12 часоў. Запрагалі каня, сігалі ў санкі дзеці і ехалі з радзіцелямі да Пастэркі.
Назаўтра мясны, канешна, стол, закручвалі рулеты, варылі іх і націскалі. Пяклі катлеты. Пірагі рабілі. І помню яшчэ калядоўшчыкаў. Там убіраліся ў касьцюмы. Сьмерць убіралася. Чорцік убіраўся з хвастом. Мы надта баяліся чорціка. Залезем на печку, хаваемся. Паглядаем, а чорт скача па хаце. Хвосьцікам балтае. Страшны такі, рагаты. Усё чорнае на ім, толькі вочы блішчэлі праз дырачкі. Кароль зь імі быў, такі сядзеў, і Сьмерць закладала касу яму за шыю, Кароль валіўся. Дзецям было страшна. Калядныя песьні стройна пелі.
Вот адну помню па-польску:
Wśród nocnej ciszy głos się rozchodzi:
Wstańcie, pasterze, Bóg się wam rodzi!
Czym prędzej się wybierajcie,
Do Betlejem pospieszajcie Przywitać Pana.
Мама Валянціна Янчуковіч з братам Славам і сястрой Марыяй
Дахаты прыходжу пад вялікім уражаньнем ад сустрэчы, першай і магчыма апошняй, зь Ядвігай Матвееўнай. Зноў вяртаюся да запісу, дзе мама зь цёцяй успамінаюць Куцьцю:
— Усе ведалі ў Перавозах «Wśród nocnej ciszy»? — чую свой запісаны голас.
— Ня ўсе, — упэўнена кажа мама.
— Але каму нада было, зналі, — дадае цёця Марыя, — Варсоцкая Лёлька знала. Гэтая вабшчэ ўсё па-польску знала.
— Юзэфа знала, — падказвае мама.
— Як гімн гэтая песьня, — падводжу вынік. Мама і цёця ківаюць галовамі. Я кажу ім, што адчувала ў дзяцінстве Куцьцю як вялікае зімовае, больш чым навагодняе сьвята, бо яно было шмат чым незразумелае. Напрыклад, у бабулі не было елкі.
— Як не было? — у адзін голас абураюцца мама і цёця.
— Бабуля ня ставіла. Ці вы не памятаеце? На Вілейскай не было, — кажу.
— Ня ставіла на Вілейскай, — пагаджаюцца хорам цёця і мама, — а ў Перавозах ставілі. Вялікая да паталка, занімала паўхаты. І столька цацак было. Шары, анёлы. Цукеркі, прастыя карамэлькі вешалісь і пячэньня вешалісь. А пячэньня самі пяклі, балваноў. Сабе вырабляў кажды якога хацеў балвана, любую форму, і тады нанізвалі на ёлку. Усе зналі, што Эдзя, старэйшы брат, можа пазрываць канфеты тайком, як ужо куцьцю паелі і спаць. Ноччу дзе-та зашэвяліцца што-та, зашуміць, ужэ зналі, што гэта яго работа. Лезе Эдзя да ёлкі. А нараніцы канфеты вісяць, як віселі, а мы знаем, што бумажкі пустыя.
Ялінка з папяровымі цацкамі ў сям’і доктара Пятра Кабака. Смаргонь. Пачатак 30-х.
— Цацкі елачныя былі з Польшчы?
— Польскія. Шарыкі былі красныя, жоўтыя, белыя. Анёлачкі ў карзінках. Куклы.
— А з чаго куклы зробленыя?
— Фарфоравыя, — кажа Марыя.
— Не, Марыйка, быў кардон, — папраўляе мама, — і так нарысованыя з двух старон адзінакава. Очэнь красівыя, цветныя. Быў дождзік на ёлке — włosy anielskie, шкляныя бусы, сьвечы тонкія крэпіліся на зажымчыках. Пружынка, каб можна было да сучка яе закрэпіць, і стоя гарэлі на ветках. А помніш, Марыя, былі у нас zimne ognie?
— Так, халодны агонь. Бэнгальскі.
— Адкуль яго бралі?
— З Польшчы. І краснолюдкі былі польскія. Як і шарыкі, яны былі шкляныя.
— Краснолюдкі? — упершыню чую казачнае слова.
— Краснолюдочэк быў небальшы, — мама ўдакладняе, — на ладошку можна было два палажыць. У нас іх нескалька было ў красных шапачках, як у Дзеда Мароза такіх. На ёлке віселі. Адзінакавыя, толькі цвет куртачкаў троху атлічаўся.
— Так гэта ж гномікі, напэўна.
— Але мы аткуда зналі. Гэта цяпер інфармацыя з целевідзенія якая хочаш, а тады не было такога слова. А знаеш, як мамуся называла льняны абрус на Куцьцю, які сьцяліла?
— Не памятаю.
— «Восемнітовы».
— Восемнітовы! З васьмі нітак, я так разумею, тканы.
— Гэтага не скажу, бо ня ведаю. А яшчэ, іменна ў дзень Куцьці, была баня. Мужчыны мыліся, тады жанчыны. Памяняць бяльё, пасьцелі, эта мамуся ўсягды. Посьле бані ўжо елі Куцьцю. І вот накрываць стол. Татусь ужо пайшоў, прынося сена. Кладзе на стол, а стол разьдзьвіжны, шырокі, места хватала. І раскладаў сена па стале, а мы лезьлі параўняць, і мы гэта правілі сена. Тады мамуся даставала абрус, качалкай добра выкачаны, накрухмалены.
— Восемнітовы?
— Восемнітовы.
І тады я запыталася ў мамы пра тое, што не спытала ў Рэгіны Баляславаўны. Ці знае яна, што абаранкі прыдумалі ў Смаргонях. Мама знала. І нават памятала смак абаранкаў даваенных:
— Ты знаеш, як у сьне помню абаранкі чарнушкай пасыпаныя. Точэчкі былі на абаранках.
— Дакладна, ня мак?
— Чарнушка. Пранасьць такая, крупнейшая за мак. Арамат неізьбіты. Неабычны вкус. Такіх я болей ніколі ня ела.
* Загалоўнае фота (калаж на аснове смаргонскіх фотаздымкаў) – Аляксандр Бабін.
Что дальше?