Помнік знеслі. Напачатку заставаўся пастамент, але неўзабаве прыбралі і яго. “Іду з раніцы да касцёла – там ужо малоцяць”, – кажа жыхарка Смаргоні Яніна. Кладуць новую плітку, дзе зеўрыць пустэча. Потым тут паставяць бетонныя кадкі з туямі, да якіх можна падняцца па пяці прыступках, што засталіся ад пастамента.

Лёс першага помніка Леніну ў горадзе незайздросны: падчас нямецкай акупацыі ён быў разбураны, аб чым сведчаць здымкі 1941 года. Па меркаванні краязнаўцы Уладзіміра Прыхача, ён знаходзіўся дзесьці ў раёне крамы “Кацярына” па вуліцы Савецкай.

На цяперашні час у горадзе застаўся адзін помнік Леніну. Амаль незаўважны за плотам і патрыятычнымі білбордамі бюст ля ваенкамата быў усталяваны ў 1972 годзе.

Супрацоўнік смаргонскага краязнаўчага музея Павел Картавік кажа, што галоўны помнік з’явіўся ў Смаргоні дзесьці ў канцы 50-х і некалькі разоў мяняў месцазнаходжанне. Захаваліся фотаздымкі, дзе ён стаіць ля франтона школы №1.

Падчас знаходжання ваенкамата на месцы былой крамы “Ян” помнік стаяў акурат перад будынкам. Фотаздымкаў не захавалася, затое есць фота, дзе Ленін усталяваны ўжо ля былога дома аптовага гандляра Лейбмана. З часам сюды пераехаў выканкам і забраў з сабой помнік; цяпер тут месціцца дзіцячая бібліятэка.

У 1967 годзе быў узведзены цяперашні будынак РВК і па традыцыі Ленін апынуўся тут жа – на галоўнай плошчы, дзе прастаяў да 2019-га.

Скульптар Уладзімір Церабун назіраў за дэмантажом помніка, каб ацаніць пашкоджанні. Двойчы яму даводзілася яго рэстаўраваць: першы раз у 2003-м да 500-годдзя Смаргоні, другі – у 2013-м.

– Рэстаўрацыя адбывалася на месцы і палягала ў замазванні стыкаў. Помнік складаецца з некалькіх частак, і месцы стыкаў – самае ўразлівае ў ім. Цяпер патрабавалася больш грунтоўная праца.

Помнік Леніну ля ТСАН “Цёплы дом”, 2008 год

Помнік Леніну на тэрыторыі дзіцячага садка №15, 2014 год. Фота Тані Скарынкинай

Па словах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі РВК Ганны Джумковай, помнік не ўяўляе каштоўнасці. Уладзімір Васільевіч тлумачыць чаму:

– Гэта штампоўка, масавы тыраж. Другая справа, калі ў скульптуры ёсць аўтар, як, напрыклад, у помніка Леніну ў Ашмянах – тады гэта твор мастацтва.

Ашмянскага Леніна, аднак, падчас рэканструкцыі плошчы ў 2012-м ссунулі да будынка раённай пракуратуры.

Павел Картавік узгадвае, што ў Залессі на Смаргоншчыне працаваў самадзейны майстра Аляксандр Жываеў, якому ўлады замаўлялі помнікі Леніну, але ці засталіся яны ў раёне – яму невядома.

– Галоўнае, каб засталася памяць, – кажа Павел. – Неабходна захоўваць памяць пра кожную эпоху. Для мяне як для супрацоўніка музея яны ўсе аднолькавыя. Людзі мінулага не маглі мець сучасных поглядаў – яны былі прадстаўнікамі свайго часу.

Кожная эпоха нясе заканамерныя змены. Што такое плошча? Якую функцыю яна грае? Раней цэнтральныя пляцы называліся гандлёвымі, рынкавымі – яны былі сімвалам гандлю, багацця. За камуністамі гандлёвыя рады былі знішчаныя, плошча стала месцам праяўлення адзінства партыі і народа, там праводзіліся мітынгі, парады, шэсці. А сёння плошча – гэта што? Месца для паркоўкі або прыступка да будынка адміністрацыі? Раней помнік нёс адпаведную функцыю, сімвалізаваў ідэалогію, а пакуль няма ідэалогіі, няма і акрэсленасці, якую функцыю будзе граць плошча і помнік на ёй.

Загалоўная ілюстрацыя: Аляксандр Паршукаў (Tventin). Для калажу выкарыстаны здымак Сяргея Юрэвіча.