Як будаваліся і абжываліся распавядае гаспадыня хаты цётка Яніна
Хата цёткі Яніны пабудаваная ў 47-м. Нефарбаваны зруб з варыўняй, сенцамі, кухняй з рускай печчу і святліцай з печчу-кахлянкай. На дварышчы – дыхтоўныя гаспадарчыя пабудовы, але хлявы даўно стаяць пустыя. На зіму цётка пераязджае да дачок, а з цяплом вяртаецца ў хату, дзе можна пачувацца гаспадыняй напоўніцу і выбіраць тэлепраграмы па сваім гусце.
– Я ў 18 гадоў замуж выйшла, жылі са свякроўкай і 2 браты жанатыя – усе у адной хаце.
Там вайну перажылі. Мой не хадзіў. У ельніку во гэтак во пад карэннямі вялікі бункер былі выкапаўшы. Міхась, Болюсь, Вацюк і Юзік. Зямлёй заложаць і ўчатырох сядзяць.
У падпеччы хаваліся – былі вырыўшы яму. І за хлявамі яма была выкапаная. Партызаны раз ляцелі і ўваліліся.
Тады ўжо ў нейкія польскія партызаны пойдуць – у Будзілкі набіралі, прыязджалі на машынах. Выправадзілі. Чую ноччу – стукаюць. Адваявалі. Сказалі ім па дарозе, што некуды звязуць, дык яны за Нястанішкамі паскідалі свае клумкі і ў Росцішках схаваліся. А божа мой божа.
Патом у 46-м рашылі аддзяляцца, сталі строіцца самі. Купілі гатовы зруб у Пастарынях, нанялі майстроў. Але доскі на столь, на падлогу – падлогу я перасцілала, без яго ўжо, бо грыб з’еў, – самі габлявалі, уручную. Майстар толькі клаў – быў такі з Сенцянят. Вокны аж у Міхалішках заказывалі, дагэтуль во стаяць.
У 47-м ужо былі перайшоўшы. Ніякай мэблі асобенна не было. Гэты стол, дзве лавы і два ложкі зрабілі майстры. Дык адно на варыўні зараз стаіць, а другое тут – абрэзалі ногі, каб мне ніжэй было залазіць. Жалезнае ложка купіла і дзіван, як дачка замуж выхадзіла – ёй. Але ў іх ужо адзін быў, дык гэты так і астаўся.
Бедна жылі. Па хлеб у Маладзечна, у Мінск ездзілі. Зарабляла адна на ўсіх.
Звару пентнасце літраў заціркі – тады саганы былі – дык ніколі не трэба было мыць. Вышараваны ўсягды – так дзеці выскрабуць.
Хата была накрыта саломай, хлеў быў накрыты саломай. Шыфер купляла ўжо сама, як ён памёр. Накрывала варыўню, сёнкі. А то было – з кухні дзверы, і на мэтры два зроблена стрэшка, саломай накрытая і саломай абабітая. Яго як у 52-м выправаджвалі, дык гэту салому расхінулі, труну праняслі, божа мой… Хату як перакрыла шыферам, тады ўсю саломку кулявую ператрасла – накрылі хлеў – па саломе салому, бо цёк. А тады после і хлеў шыферам пакрылі.
Хлявы ўсе самі строілі. Такое гумно было бальшое – забралі ў калхоз. Коньмі вывазілі гэта гумно, а мы з дачкой гэтак жа бярвенні цягалі ў хлеў, сваё кралі, – чуць танейшыя можна было прыцягнуць. І баяліся – па хлявох жа хадзілі правяралі.
Печы – і гэтую, і тую – майстры рабілі, яшчэ пры нябожчыку. Рабілі сначала талакой, мужчын можа 8 радні. І сёнкі складалі, і варыўню, і закотачак такі, аббіты. Можа дні тры прабылі. Дзядзька Лагоўскі любіў толькі сказкі расказваць. Нап’юцца – такія работнікі. Тады паехала на ровары 35 кілометраў аж у Януковічы – і там майстроў не найшла. Тады ўжо Каркос з Ядрэўцаў з Юзікам кончылі ўсё тут.
Печ вялікая – бывала, шэсць буханак усадзіш – за тыдзень і з’есца. І печка каля печы ёсць, але печка без люфтоў, дык там ці паліш, ці не паліш – адно. І гэтая печка [“кахлянка”] моцная ў мяне, баюся паліць, абсыпаецца. Лапата во стаіць каля ганку – хлеб пяклі. Цяпер – снег разграбаць.
Дзверы рабіў Янушкевіч – ён і цяпер жыве. Шафу – Матух-нябожчык жолудскі, як я замуж ішла, ў пасаг. А дзяўчатам сваім шафы я аж у Януковічах заказвала.
Я ішла з багатым пасагам – тата аддаў і прывод, і малатарню, і арфу, што малаціць – хадзілі па вёсках малацілі. І кабылу маладзенькую тата даў, і карову даў тата, і авечку даў.
Куфар яшчэ быў, але стаіць на гары, у ім вітушкі, пражы напрадзена – ткаць. Можа, ужо мышы з’елі.
А гэты, большы, аддала маміна сястра з Засвіры, мая хрышчоная мама, як у Рыгу пераягджала.
І сама наткаўшы была на кроснах – ляжыць во дыван – дзеўкай яшчэ ткала. Гадоў з 12-ці ўжо ўмела. Ткала і перабіраныя, і дьвесце шэсцьдзесят. Куплялі шпулькі ў магазіне, 10-ы номер, самыя крэпкія. І людзям набірала – цяпер, здайся, каб прыйшлося, дык не набрала б. А можа?..
Кросны і ў мяне стаялі, і ў дачок. Папалілі ўжо.
Сурвэткі стройныя рабіла на рамах, накрыўкі на падушкі. Гэтая во выробленая штуцікам. Цяпер ўсё пааддаваўшы. Во ёсць жоўтае пакрывала – сама рабіла. Гэтыя цвяточкі набіралі на шнуркох. Гэта на 25 шнурочкаў. А бывала, ткала на 260, 280 шнуркоў – чацвёртую часць хаты займаеш.
А гэтыя паласы – памярла падруга мая гадоў 10 таму. Адна дачка ў Маскве, а другая – тут, п’яніца была. Дык прадала мне па тысячы мэтр. Яны доўгія, наскрозь засланыя. Але во папрапальвалі і не прызналіся. Аж падлога тут папрапальваная пад дзюрачкамі. Я была ў дачкі, а ўнук адмячаў якое раждэнне ці што, мне нічога не сказалі, а нехта курыў – і во. Гэта не маей работы, не маей.
Дыванкі круглыя рабіла – ужо сколькі вон павыкідала. Трапкі старыя стрыгла і круціла кручком, недзе ў мяне ляжыць, з цвіка зроблены. Надта файныя ўмела з калготак. Перадавала ў Смургоні, дык пакралі, як пад дзверы палажылі.
Гэты абраз у 39-м годзе сястра мне прывязла з Польшчы. Матка Боска Чэнстоховска – я з ім замуж выхадзіла. Ксёндз, як калядаваў, дык прачытаў усё – інцерэсаваўся, бо мала ў каго ёсць такі абраз. Усё ж думала купіць краскі пазлацанай, каб рамкі пакрасіць – пачарнелі. Так ужо і астанецца.
А гэты абраз да маёй першай кумуніі. А пасрэдзіне – святая Агата, ад пажару. Але ў навальніцу 2 разы быў целевізар згарэўшы. І агонь быў уляцеўшы. Сядзела неяк днём – такія ўжо грымоты на двары, такія грымоты! І прама клуб агню ў вакно! Перш на Казімера часта гэтыя пажары былі, дык во кажды год складаемся на імшу вёскай.
Пакуль магла, пяяла па нябожчыках, гадоў з 16-ці. Тата пяяў, я пяяла, дачка пяе. Тут во спеўнік мой.
Гэтых ксёнжак цэлая паліца пазакладана. А во гэта ксёнжачка з Амэрыкі. Маміна сястра прыязджала, прывязла. А па гэтай во тата пяяў. Цяпер па гэтых ксёнжкаў не пяюць – усё болей павыдумліваныя песні. У мяне былі і другія ксёнжачкі. Як касцёл у Вяллю заваліўся – такі расказ. Дык прыйшоў адзін з Гродна, шукаў такое і забраў усё. Даваў грошы – я не ўзяла. Сказаў, адправіць імшу за мяне.
Раней цвяты скрозь садзіла. І каля дальняга плоту лешачка была зроблена – хрызантэмаў, астраў, флёксаў, вяргіняў. А после закінула, ужо не да цвятоў. Сад садзілі адразу, як сталі жыць тут. После зрэзалі старыя, гэта ўжо маладзейшыя.
Перш можна ж было здаць яблыкі, а сёлета 20 мяхоў ссыпала ў мусар. Вялікія, як мячыкі, нікому непатрэбныя.
Як была карова – карове кошык, свінням зварыш да бульбы. Давялі – ні кароў, ні свіней. Як схаваеш – адно, можа, і выгадуеш.
Яшчэ маю дроў на зімы дзьве – пасечаныя, зложаныя. Але не магу ўжо, на зіму іду да дачкі. Дрэнна сядзець у чужой хаце, як на пакуце, няхай і ў дачок. Свой куток ёсць свой куток.
Что дальше?