Эсэ з апошняй кнігі Тані Скарынкінай «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі», якая выйшла летась ў выдавецтве «Логвінаў».
– Сядзь! – загадала мама, вярнуўшыся з працы снежаньскім вечарам, – бо такую маю навіну, што ўпадзеш!
Я прысела на краёчак тумбачкі ў калідоры.
– Ты паедзеш у Артэк!
– Мама, калі ты дастала пуцёўку па блату, то не паеду, – жорстка адказала прынцыповая дачка. Мама збляднела і прамаўчала. У Артэк я паехала. Мама мае талент да такой ступені выразна маўчаць, калі абураецца, што робіцца жахліва.
Да вандроўкі я думала, што Артэк працуе толькі летам.
У настольнай энцыкапедыі “Што такое? Хто такі?” Артэк выглядаў нібы рай на зямлі, дзе залацістыя піянеры ў крахмальных кашулях і блакітных шортах дуюць у залацістыя горны, а белыя чайкі лётаюць, раздражненыя гукамі пабудкі, над зяленымі пальмамі і цёплым морам, “где вода синяя, как васильки, и прозрачная, как чистое стекло”.
Змена была юнкораўская (юнкор – юны карэспандэнт), а я на той момант ужо прыдумляла вершы для школьнай сценгазеты і афармляла іншую “наглядную агітацыю”. То можа і не па блату была тая пуцёўка, але мама дагэтуль не прызналася, якім менавіта чынам я апынулася ў міжнароднай здраўніцы ля падножжа Мядзведзь-гары.
Ехала нас з Мінску ў Крым два поўныя вагоны беларускіх піянераў. Кожнаму выдалі па 4 літровых слоіка кансерваванай курыцы ў якасці сняданка і вячэры на два дні падарожжа. Акрамя таго у кожнага было чаго паесці хатняга, дый абедаць вадзілі ў вагон-рэстаран. І таму курыца лятала з вокнаў нібы сапраўдная жывая птушка. Піянеры ж як збяруцца, то гуляюцца. А ў якое актыўнае пагуляеш у вузкім вагоне? Акрамя, як курыцай кідаць хто далей, дык і няма ў што.
У Гурзуфе была вясна. Цвёў міндаль – мы выглядалі як звар’яцелыя палярнікі ў футрах і валёнках ідучы з цягніка па Сімферопалю, залітаму сонцам. Вяснова-восеньская уніформа не палепшыла стан, бо хутка новаспечаныя артэкаўцы пераканаліся, што мясцовыя (у асноўным, дзеці, канешне) ставяцца да “лагерных” пагардліва і абзываюцца “інкубатары”. У Артэку амаль нічога не супала з тым, аб чым паведамляла энцыклапедыя. Акрамя прыроды.
Але кармілі добра. Не тое, што ў лагеры “Зубраня” (беларускі аналаг Артэка), куды я таксама ў юнкораўскаю зімовую змену – напэўна лёс такі – паехала праз пару гадоў. Галадалі мы ў “Зубраняці”, як тыя беспрытульнікі хадзілі, вуды падарваўшы, кралі хлеб у сталоўцы, рызыкыючы абняславіцца перад усёй дружынай, бо на выхадзе правяралі дзяжурныя.
І мы запіхвалі хлебныя кавалкі за халявы ботаў, а ноччу елі. Памятаю неяк прыехаў дзядзька наведаць, прывёз нешта з бялізны – мама передала. Ён непадалек ад Нарачы (на беразе знакамітага беларускага возера лагер распалагаўся) быў у камандзіроўцы. А я прашу слабым голосам:
– Дзядзя Эдзя, можа сала маеце?
– Ах ты, божа мой, анічога з ежы!
Дзядзька моцна здзівіўся, бо ў радні пляменніца доўгія гады славілася амаль поўнай адсутнасцю апетыту. Ён прапанаваў грошы, ды за іх акрамя печыва “Кракет” і зубадрабільных ірысак “Шайбу-шайбу” нічога не купіць было ў мясцовым харчовым ларку. А хацелася несалодкага, сапраўднага – катлетаў, пельменяў. Хоць бульбы ўволю, бо пюрэ па дзве лыжкі на брата, такой гушчыні падавалі, што дно талеркі прасвечывала.
У Артэку дык наадварот лепей, чым дома кармілі. Але зусім не мелася вольнага часу. Нас занімалі ад усходу да захаду. Гурткамі, танцамі, гульнямі, конкурсамі, спаборніцтвамі. Нават, калі мы проста стаялі, чакаючы аўтобуса на чарговую экскурсію – павінны былі пець. Для гэтага меўся спецыяльны акардэаніст, які заўжды суправаджаў дружыну на вольным паветры. Мы вывучылі процьму спецыяльных артэкаўскіх песень. Па сёння іх памятаю. Напрыклад, гімн юнкораў:
Юнкоры!
Юнкоры!
За дело пора!
Зовут нас не напрасно
Юнкоры рыцарі пе-ра!
Але нешта не памятаю, каб на працягу 24-х дзён змены мы рабілі што-небудзь хоць прыблізна юнкораўскае.
У Артэку шмат чаго адбылося са мной упершыню. Напрыклад, мне спадабаўся хлопчык. Хлопчыкі і дагэтуль падабаліся, але гэты быў асаблівы. У белых кедах. І на ўсё жыццё я палюбіла белыя кеды ў гонар хлопчыка.
У Артэку я навучылася шыць футравыя цацкі. І доўгі час не мела праблемаў з днямі нараджэння сяброў і сваякоў, бо шыла падарункі сама. Да таго ж пашанцавала з цёцяй — маміна старэйшая сястра Яня працавала ў атэлье, і я рэгулярна наведвала цёцю з мэтай набыцця каляровых абрэзкаў. Любую тканіну я разглядала з пункту гледжання таго, што і як пашыць з яе. І цёткі смяяліся, калі адна з іх купіла штучнае рыжае футра для аўтамабільных чахлоў на сядзенні, і я немым голасам ускрыкнула:
— Гэта ж колькі можна лісаў пашыць!
У Артэку ўпершыню высветлілася, што Пушкін не заўсёды меў рацыю адносна закліку “Чтение — вот лучшее учение”. І калі падчас “актыўных гульняў” я ціхенька з кніжкай збіралася бавіць час, наш блакітнавокі бландзіністы граміла-важаты выдраў кніжку і каленкай пад зад адфутболіў у валтузню на спартыўнай пляцоўцы.
У Артэку я ў першы і апошні раз у жыцці плавала ў адкрытым басейне ўзімку. На другі дзень пасля чаго апынулася ў ізалятары з тэмпературай пад 40 напрыканцы змены. Стаяла пагроза, што на Новы год я дадому не траплю. Але са шпіталя я збегла. Зваротнай дарогі амаль не памятаю, толькі адзіны момант захаваўся ў галаве — ноччу прыходжу ў сябе і так лёгка адчуваю сябе, нібы матылёк. Тэмпературу збілі, напэўна, таблеткай якой. Вагон качаецца-імчыцца-закалыхвае, нібы люлька. І ты даверліва аддаешся ва ўладу яго надзейнага ходу. Ліхтарныя агеньчыкі па-святочнаму мільгалі і знікалі, я ўсміхалася свайму, як я думала, здароваму стану.
Але пасля Артэка яшчэ два тыдні хварэла на грып. І да таго ж прывезла з мора поўную галаву вошаў. Шапкі ж аднолькавыя былі, пераблытваліся, як хацелі.
Гэта дзіўна, між іншым. Бо ўсе галовы правяралі перад лагерам, і адну дзяўчынку не прапусцілі праз адзіную дохлую гніду.
Калі я сышла з вагона ў снежную снежаньскую ноч і мама аклікнула мяне, а я адгукнулася, дык не пазнала свайго голасу, змененага хваробай. У доўгім футры, з напалову пустой дарожнай торбай, бо хворая збіралася і ў спешцы, з хрыплым басам — акурат уцякачка. Пакінула наступнай змене амаль новыя скураныя туфлі з перапонкамі. Мама не лаялася, бо трэба было ратаваць курортніцу.
Пра адно толькі шкадую: не пра тое, што на доўгі час запусціла вучобу (прызнаюся па сакрэце, у лагеры не надта надавалі значэнне адукацыі), а што праз Артэк не трапіла на вяселле ў вёсцы з выразнай назвай Белая Вада. Калі хто не ведае, другое імя самагонкі. У Белай Вадзе сапраўды не было праблемаў з напоем хатняга вырабу. Да сёння ў сям’і ходзяць легенды пра гэтае вяселле ў нейкай дальняй радні. Дзе мае мажныя цёткі прыдумалі мясцовых кавалераў, якія запрашалі на танец, падкідаць да паветраных шарыкаў. Шарыкамі ўпрыгожылі столь хаты. Спачатку нейкі хлопец падкінуў сваю партнёрку, каб сарвала шарык. А цёця Іра (маміна малодшая родная сястра) хутка пераняла прыклад, арыгінальна перайначыла — узяла і падкінула свайго кавалера па шарык. І мама за ёй, і цёця Марыя следам. Шмат я дала б за тое, каб пабачыць, як дастаткова маладыя паддатыя цёткі, поўныя сілы, кідаюць мужыкоў пад столь і рагочуць. Яшчэ паўночнае ззянне пабачыць бы, а больш не ведаю што.
*Здымкі з сямейнага архіва размаляваў чырвоным Tventin.
Что дальше?