Летась у выдавецтве “Лімарыус” выйшла кніга Ціхана Чарнякевіча “Вандроўнік”, галоўным героем якой стаўся Уладзімер Някляеў. З дазволу аўтара публікуем з яе некаторыя вытрымкі.

Пракоп Някляеў быў старшынёй калгаса на Волзе. Мяккія людзі ў жорсткі сталінскі час на кіраўнічых пасадах не затрымліваліся. Калектывізацыя – арганізацыя калгасаў і фактычнае знявольванне сялян – была найважнейшай часткай палітыкі Сталіна. Каб утрымліваць у цуглях калгас, трэба было мець жорсткі характар і моцную волю. Калі пачалася вайна, Пракопа Някляева паклікалі на фронт. На вайне, у занятым савецкімі войскамі Кёнігсбергу, яму, удзельніку камуністычнай партыі, было дадзена новае ўказанне: вызвалена Заходняя Беларусь, ты як партыец мусіш паехаць на гэтую запоўненую ворагамі і бандамі тэрыторыю і арганізоўваць калгас згодна з дырэктывамі і ўказаннямі. Пракоп, у якога да таго часу ўжо была сям’я – жонка і дзеці, не мог адмовіцца ад задання партыі. На Волгу ад вайсковай часткі была адпраўлена тэлеграма: “Ваш муж Пракоп Някляеў загінуў смерцю героя…” Абсурд, але метадаў тады не выбіралі. Ніхто не паглядзеў, што разбураецца сям’я і што прыхадзень будзе чужынцам на новым месцы. (…) У Крэве, дзе Някляеў узначаліў мясцовую адміністрацыю, убачылася яму і жонка – Анастасія.

***

“Аднойчы (…) пасля нейкага партыйнага сходу, напіўшыся ад бяссілля перад тымі, хто ламаў яго, ён кінуўся на маці з кулакамі. Мне дзевяць гадоў, я бяру сякеру і крычу, амаль трацячы свядомасць: “Засяку, калі дакранешся!..” Бацька зніякавеў ад нечаканасці, я памятаю ягоныя вочы – у іх непаразуменне, аняменне і разгубленасць перад тым, што ніяк не магло здарыцца і адбыцца, але здарылася і адбылося.

“Ты… на бацьку… з сякерай…” – пачаў ён, азіраючыся. Нібыта шукаючы нешта ў сябе за спінай, але тут жа неяк бязвольна, вырачана апусціў рукі, павярнуўся і, не зачыніўшы хату, сышоў.

А маці сказала: “Вова, пабажыся, што ніколі і ні на кога не замахнешся сякерай””.

***

“Мама пастаянна малілася, усё паўтарала: “Божа, зберажы”, хадзіла маліцца ў сад. Там, у гэтым садзе, была Царква. То бок гэта была яблыня, якую мы называлі Царквой. Там мы маліліся. Бацька быў атэістам, і ў хаце, вядома, ніякіх ікон не было. Таму што пастаянна да нас заходзілі бацькавы таварышы па партыі, дык якія ж могуць быць у камуніста іконы? Мяне і хрысцілі падпольна, так, каб пра гэта ніхто не даведаўся”.

***

“Мама часта чытала мне ўголас кнігі – па-польску (вучылася ж у польскай школе). Яна ведала напамяць мноства вершаў – польскіх, рускіх, беларускіх. Працавала настаўніцай нейкі час. У яе была творчая душа, яна вельмі любіла прыгажосць. Жылі мы бедна, але на кожныя Каляды імкнуліся неяк упрыгожыць пакой. Мама прыдумвала і клеіла цацкі з паперы, спрабавала нешта маляваць. Творчая была натура. Ад бацькі ў мяне характар, а ад яе, відаць, літаратурныя здольнасці”.

***

“Магу прысягнуць: мой бацька за ўсё жыццё нічога не ўзяў чужога – нават цвіка. Абсалютная вера ў перамогу ідэй камунізму. А калі ты верыш гэтым ідэям, дык мусіш ім адпавядаць. Падгаварыць яго што-небудзь перакруціць ці схітраваць для сям’і, але ў шкоду сваёй краіне – ніколі! Яму нічога свайго і не трэба было. Маці ледзь-ледзь угаварыла яго хату пабудаваць”.

***

“Бацькаў характар… Калі што не мог даказаць на чарговым сходзе, ён вяртаўся і даказваў дома, з сілай гэтай рускай спаганяў на нас злосць… Але ён і цікавы быў гэтым характарам, вылучаўся са свайго асяродка. Акрамя яго, ніхто не мог на партыйным сходзе падняцца і сказаць, што старшыня паседжання толькі што схлусіў.

На бацьку няспынна пісалі даносы, праз якія цягалі яго то ў райкам, то ў КДБ. Гэта даводзіла яго да шаленства. Як толькі пачынаў ён лаяцца, піць, з пісталета (у яго быў імянны пісталет) страляць, так мы з маці разумелі: данос”.

***

“Аднойчы ў абласным цэнтры бацьку судзіла тройка: сакратар абласнога камітэта кампартыі, абласны пракурор і старшыня МГБ. Адзін чалавек, сябар бацькі, сказаў маёй маці, дзе і калі гэта будзе. Маці ўзяла мяне і мы паехалі. І вось стаім каля абласнога камітэта. Чакаем. А той чалавек папярэдзіў, што бацьку, хутчэй за ўсё, пасадзяць у турму – у даносе напісана, што ён наўмысна згнаіў жыта ў сваім калгасе. Тады за адзін каласок арыштоўвалі, а тут… “Таму, – казаў той чалавек, – калі хочаце ўбачыць бацьку, чакайце з двара, з чорнага ўваходу”. Хоць было мне гадоў шэсць, я выдатна ўсё зразумеў. Мы пайшлі туды і ўбачылі машыну з кратамі на вокнах – “чорны варанок” яе тады звалі. І вось, то з маці я там стаю, то на плошчу да параднага ўваходу бягу, то зноў з маці. І раптам унутры мяне выспела цвёрдая ўпэўненасць, што калі я буду стаяць на парадным уваходзе, то бацька абавязкова выйдзе да мяне. І я стаў чакаць яго з параднага ўваходу. Стаяў і паўтараў пра сябе: “Мой бацька выйдзе праз гэтыя дзверы!” І калі ён сапраўды з’явіўся ў тых дзвярах, у мяне было пачуццё, што я перамог усе сілы сусветнага зла, якія не адпускалі да мяне бацьку”.

***

“Я адчуваў гэты канфлікт. І я сам асцерагаўся бацькі, яго характару. Але калі я і гартаваўся ў нейкім супрацьстаянні, то менавіта ў той рэальнай сіле, якая была ў нашай сям’і. ды і канфлікты ў мяне з бацькам былі вельмі сур’ёзныя. Яны з часам згладжваліся, цішэлі, але якраз гэты сямейны класічны сюжэт перажыты мною цалкам і даастатку. І як мне здаецца, бацька так і не прыжыўся на беларускай зямлі. Ён проста скарыўся абставінам. Ні ў чым не скараўся, а тут – скарыўся.

***

“У Другую сусветную вайну ў Крэве вялікіх бітваў не было, а вось у першую сусветную там стаяў фронт, і мы ў дзяцінстве збіралі розныя боепрыпасы – пісталеты, гранаты. Я пра гэта нават верш напісаў, як мы збіралі гранаты і гулялі ў вайну. Шмат бліндажоў было, мы ішлі ў бліндаж, раскладвалі вогнішча і ў агонь накідвалі тых “лімонак”. А яны ж не адразу выбухаюць, яны павінны як след разагрэцца. Дровы паступова выгаралі, агонь прыгасаў, і мы тады па адным, па чарзе падкідвалі дровы ў вогнішча””.

***

“Быў адзін настаўнік, Аляксандр Дзяруга, вечная яму памяць, ён мяне проста выхапіў з нейкай вулічнай бойкі і за руку прывёў у Дом культуры вучыцца музыцы. Потым доўга выбіраў, за які інструмент мяне пасадзіць, і ўрэшце пасадзіў за кантрабас. А кантрабас – гэта рытм.

Я дасюль думаю, што ўсё мастацтва – найперш рытм, інтанацыя. І якія словы, якія фарбы пакладзеныя на гэты рытм – гэта ўжо справа дзесятая.

Я стаў удзельнікам аркестра. У яго складзе я перамог на конкурсе і мяне нават паказалі па тэлебачанні. Праўда, зусім нядоўга, але ж паказалі. Я чакаў славы. Вярнуўся ў Смаргоні, мы ўжо ў Смаргонях жылі, а мой дзядзька Пётра мне: “Ты хоць бруд бы з-пад пазногцяў вычысціў, а то ўсе только пра тое й кажуць…” І вось жа тэлебачанне было ў той час – ледзь відаць, а гэта ўбачылі. І ўжо тады я падумаў пра адваротны бок славы”.

Что дальше?