Краўдфандынгавая кампанія па збору сродкаў на вазок для Дар’і Ліс завершаная. Талакой была сабраная палова заяўленай сумы. Аб выніках і адчуваннях падчас збораў мы паразмаўлялі з Дар’ей.
– Як прыйшла думка зладзіць краўдфандынгавую кампанію? Як далося гэта рашэнне?
– Адважыцца было цяжка. Упершыню я адкрыта папрасіла людзей аб дапамозе, бо дакладна разумела, што ў цяперашніх фінансавых умовах не змагу сама гэта здзейсніць. Шмат што давялося сабе тлумачыць, каб усвядоміць простую рэч: на дадзеным этапе я маю праблемы з фінансамі і са здароўем, якія я сама вырашыць не магу. Я ведала, што людзі збіраюць на складаныя аперацыі, а я прашу, умоўна кажучы, на машынку. Але мне таксама рабілі складаную аперацыю, на якія збіраюцца вялікія грошы. Мне гэта рабіць не давялося, бо атрымалася прааперавацца ў Беларусі. У рэшце рэшт, я вырашыла паспрабаваць. На шчасце, я пачула вельмі мала крытыкі ў свой адрас, за што ўдзячная сваім фрэндам.
– Дай некалькі парадаў людзям, якія не могуць адважыцца на зборы. З чаго трэба пачынаць?
– Пачынаць трэба са збору каманды. Гэта могуць быць сябры, якія разумеюць твае патрэбы і магчымасці. Хочу падзякаваць сваёй камандзе, якая займалася распаўсюдам інфармацыі, ладзіла дабрачынныя імпрэзы, вырашала тэхнічныя моманты, стварыла адмысловую старонку для збораў у Фэйсбуку, дзе публікавалася актуальная інфармацыя. Канешне, мне было прасцей, бо я ў гэтай прасторы варуся. Калі ў чалавека няма такого кола сяброў, я рэкамендую спісвацца з журналістамі. Можна звяртацца і да мяне. Вось, напрыклад, знаёмая дзяўчына некалькі месяцаў збірае на вазок і сабрала за гэты час толькі сто з нечым даляраў. Я распавядаю аб ёй калегам, каб дамагчы інфармацыйна.
Шмат хто яшчэ не разумее нюансаў краўдфандынгу. Ёсць складаныя моманты, калі да мяне звяртаюцца людзі з просьбай знайсці ім спонсара. Даводзіцца тлумачыць, што адзінага спонсара няма, але ёсць шмат людзей, якія даюць грошы, сыходзячы са сваіх магчымасцей. Чалавек павінен сам шмат працаваць у працэсе, сам шчыра распавесці сваю гісторыю, каб паказать людзям, што яму насамрэч патрэбна дапамога. Калі ты пачынаеш зборы, то павінен разумець, што гэта праца на некалькі месяцаў. І трэба памятаць, што ты нясеш адказнасць за гэты праект, бо дапагаючы табе, чалавек аказвае і на нейкія свае пытанні. Проста так знайсці грошы не атрымаецца – над гэтым трэба працаваць. Гарантыі няма, але паспрабаваць заўсёды варта.
Я згодна далучыцца да каманды і дапамагаць удзелам ці парадай. Апошнімі днямі да мяне звяртаецца шмат людзей, якія цікавяцца, як я збірала грошы, пытаюць пра мадэль вазка. Я заўсёды падрабязна адказваю.
– На “Талацэ” была заяўленая сума ў 15 тысяч еўра, але сабралася толькі палова. Ці задаволеная ты вынікам?
– Справа ў тым, што ў працэсе збораў я зразумела, што прасцей набыць два больш простыя вазкі з рознымі функцыямі, чым адзін дарагі з вертыкалізатарам, які планаваўся спачатку. Чым больш функцый у механізма, тым ён больш уразлівы. У выніку з сабраных 8000 еўра 6500 сышло на вазок. Астатнія грошы пойдуць на аплату падаткаў, на вазок-вертыкалізатар FS 111 A і на тэлескапічны пандус, які дазваляе пагрузіць цяжкі вазок ў машыну. Вядома, на ўсё гэтай сумы не хопіць, але мне паабяцаў дадаць неабходнае сябра.
– Раскажы пра свой вазок. Якія ў яго функцыі? І якія ў цябе адчуванні ад карыстання?
– Я выбрала сабе вазок Storm 4 Invacar для прагулак з добрай праходнасцю, але дастаткова кампактны. Максімальная хуткасць – 10 кіламетраў у гадзіну. У яго ёсць магчымасць падняць падножкі пультам і змяніць вугал нахілу сядзення, каб спіне можна было адпачыць. І для ног гэта вельмі добра – яны баляць і ацякаюць, калі шмат сяджу. Тым больш, з-за некаторых лекаў, якія я пастаянна прымаю, ёсць праблемы з венамі. Цяпер я магу ў любы час падняць пультам падножку і разгрузіць ногі. Гэта крута, я адчуваю сапраўдны кайф.
Машыну абавязкова трэба падбіраць па сабе. Мы з бацькамі едзілі на прымеркі ў Літву і Польшчу. Завочна я выбрала іншую мадэль – Meira Optimus. Але пасля прымеркі зразумела, што калбачуся ў ім, як сасіска і ўвогуле недастаткова важу для такой тэхнікі. Тым больш, яго было б цяжка ўпісаць у мой быт – у дарожкі ў двары, у хатнія пандусы, не кажучы пра заезд у кавярню ў маёнтку Агінскага. Ён добра ездзіць па дрэнных дарогах, можа скокнуць на 10-сантыметровы бардзюр, але даволі шырокі, не паўсюль на ім праедзеш. Гэта выключна вулічны варыянт. А мой можа замяніць і хатні вазок. І пра вагу трэба памятаць: наша асяроддзе непрыстасавана пад патрэбы вазочнікаў, таму лепш браць лягчэйшы варыянт.
Вазок амерыканскі нямецкай зборкі, але набывалі мы яго ў Літве. Як высветлілася, гэта мела вялікае значэнне, бо вырашаць тэхнічныя праблемы даводзіцца ездзіць у Вільню – добра, што гэта ўсяго 100 кіламетраў.
– Якія высновы ты вынесла з кампаніі? Ці спадабаўся табе гэты досвед?
– Я зразумела, што талака – гэта здорава. Але любы краўдфандынгавы праект шмат дае і шмат адбірае сілы. Патрэбны нейкі час, каб аднавіцца і пайсці далей. У той самы час, у працэсе краўдфандынгу разумееш, што ёсць шмат цікавых праектаў, да якіх сам хацеў бы спрычыніцца і дапамагчы: “Амерыканка”, фонд “Геном”, “Клуб 5000” і іншыя. Я дапамагаю інфармацыйна і рублём, наколькі гэта ў маіх сілах. Калі кожны крышачку дапаможа, можна вырашыць вялікую праблему. Не думаю, што яшчэ раз я адважуся на такі праект адносна сябе. Я хацела б дапамагаць сама.
Что дальше?