Пра гэта лідэр руху “За Свабоду” паведаміў аднаму з наведвальнікаў свайго афіцыйнага сайту, які запытаўся у яго наконт стаўлення палітыка да меркаванага будаўніцтва атамнай электрастанцыі і прадастаўлення беларусам права на свабоднае нашэнне зброі.- Я катэгарычна супраць будаўніцтва АЭС. Будаўніцтва АЭС па расійскаму праекту толькі ўзмацніць нашу энергетычную залежнасць ад Расіі. Гэта будзе азначаць фінансавую (палітычную) залежнасць ад Расіі: неабходна улічваць не толькі кошт будаўніцтва АЭС але і будаўніцтва горада для персаналу, вырашэнне праблемы ўтылізацыі ядзерных адкідаў, падрыхтоўку персаналу. Сумарны кошт гэтага праекту будзе складаць не менш 12 млрд. долараў ЗША. У Беларусі гэтых грошай няма. Давядзецца павялічваць знешні доўг, які патрэбна будзе аддаваць з працэнтамі.
Акрамя таго, будаўніцтва АЭС па расійскай тэхналогіі стварае экалагічную пагрозу Беларусі. Расійскія рэактары менш надзейныя, чым, скажам, французскія ці амерыканскія.

АЭС будаваць эканамічна нямэтазгодна. Бо не выкарыстаныя ўсе магчымасці змяншэння энергаёмістасці ВУП. Пасля лета, калі людзі адпачнуць, мы пачнем кампанію супраць будаўніцтва АЭС. Далучайцеся.
Што да права на нашэнне зброі, то Аляксандр Мілінкевіч супраць і гэтага таксама:
- У нашым грамадстве не сфармавана адпаведная культура. Прадастаўленне такога права павялічыць колькасць забойстваў, іншых цяжкіх злачынстваў. У нас і так вельмі нядобрая сітуацыя ў гэтым.
Колькасць краін, у якіх гэта права існуе - адзінкі. У гэтым нам таксама трэба арыентавацца на спакойную, бяспечную Еўропу.

